ФАМА́ СЛАВЯНІ́Н (каля 760 — кастр. 823),
кіраўнік нар. паўстання ў Візантыі ў 820—823. Ратуючыся ад пакарання смерцю за ўдзел у змове супраць урада, уцёк у Абасідаў халіфат, дзе зрабіў прыдворную кар’еру. Дараваны імператарам Львом V і прызначаны военачальнікам адной з малаазійскіх фем. Выкарыстаўшы незадаволенасць сялян і салдат-стратыётаў падатковым і рэліг. уціскам, Ф.С. у 820 узняў паўстанне, якое хутка ахапіла б.ч. М. Азіі, частку Фракіі і Македоніі. Створаныя ім армія і флот на працягу года трымалі ў аблозе Канстанцінопаль. У 823 візант. ўрад з дапамогай войск балг. хана Амуртага задушыў паўстанне. Ф.С. узяты ў палон і пакараны смерцю.
т. 16, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)